НАВАГРУ́ДСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НАК,

адзіны жаночы кляштар ордэна дамініканцаў на Беларусі. Існаваў у 17—19 ст. у Навагрудку. Засн. ў 1654 М.Дамброўскім (паводле інш. звестак — у 1678 А.Пратасевічавай, жонкай навагрудскага земскага натарыуса). У 1690 пабудаваны мураваны касцёл Дзевы Марыі. У канцы 18 — пач. 19 ст. кляштару. належала частка в. Каменка ў Навагрудскім пав. У 1864 скасаваны, 20 яго манашак накіраваны ў Гродзенскі кляштар брыгітак і Мінскі кляштар бенедыкцінак. Каля 1900 касцёл разабраны на цэглу. У жылым будынку кляштара ў 1920-я г. размяшчалася ваяводская ўправа, у час Вял. Айч. вайны разбураны.

М.П.Гайба.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)